КУБІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава на ПнУ Азербайджана ў 18—19 ст. Сталіца — г. Куба (адсюль назва). Найб. багаты і густанаселены раён Закаўказзя з важнымі гандл. партамі, якія звязвалі яго з Расіяй і Іранам. У 1758—89 на чале К.х. стаяў Фаталі-хан, які аб’яднаў прыкаспійскія землі Азербайджана да г. Ардэбіля на Пд; у 1784 заключыў саюз з груз. царом Іракліем II супраць іранскай агрэсіі. Пасля яго смерці ханства ў пач. 1790-х г. распалася, у 1806 далучана да Расіі.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)